ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,
хімічныя працэсы ў геасферах, што выклікаюць міграцыю хім. элементаў і іх ізатопаў. Вядуць да канцэнтрацыі іх і ўтварэння радовішчаў карысных выкапняў або да рассейвання, утварэння арэолаў вакол радовішчаў і геахімічных анамалій, а таксама да забруджвання навакольнага асяроддзя.
Найб. вывучаныя геахімічныя працэсы ў літасферы, гідрасферы і ніжніх слаях атмасферы, а таксама ў біясферы. Аб геахімічных працэсах у ніжняй мантыі і ядры Зямлі існуюць толькі гіпотэзы. Паводле формы міграцыі хім. элементаў вылучаюць некалькі груп геахімічных працэсаў. Да механічных геахімічных працэсаў належаць эрозія, абразія, дэфляцыя, плоскасны змыў і ўтварэнне дэлювію. З ім звязана фарміраванне россыпных радовішчаў золата, плаціны, алмазаў. Фізіка-хімічныя геахімічныя працэсы ўключаюць эндагенныя, глыбінныя (працякаюць без доступу свабоднага кіслароду, пры высокіх т-рах і ціску; да іх належаць магматычныя, метамарфічныя і гідратэрмальныя), экзагенныя, або гіпергенныя працэсы (адбываюцца на паверхні Зямлі і на невял. глыбінях пры нізкіх т-рах і ціску, пераважна з удзелам свабоднага кіслароду). Біягеахімічныя геахімічныя працэсы абумоўленыя дзейнасцю арганізмаў; разам зтэхнагеннымі геахімічнымі працэсамі, што працякаюць пры гасп. дзейнасці чалавека, яны ахопліваюць усю наасферу.
т. 5, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)